«Верныя сябры», Маладзечанская газета 28.12.2018

У цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі вернымі сябрамі лічаць шэфскія арганізацыі, з якімі супрацоўніцтва доўжыцца не першы год.

Гэта Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, філіял №601 ААТ «ААБ Беларусбанк» (г. Маладзечна), ААТ «БЕЛПАМПС», раённыя арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа і РГА «Белая Русь», «пярвічка» БРСМ чыгуначнага вузла станцыі Маладзечна. Іх прадстаўнікі завіталі ў госці да выхаванцаў цэнтра ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». Але бываюць яны тут не толькі ў святы.

Да навагодніх віншаванняў калектыву ўстановы, хлопчыкаў і дзяўчынак, іх бацькоў далучыліся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Маладзечанскай гарадской выбарчай акрузе №72 Людміла Канановіч і намеснік старшыні райвыканкама Алеся Лукоўская. Віталій Баранскі таксама прыйшоў з дабрачыннай місіяй не толькі як кіраўнік ААТ «БЕЛПАМПС», але і як дэпутат Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання.

alt
Даўняя дружба з цэнтрам у парламентарыя Людмілы Канановіч. На працягу многіх гадоў разам з дэпутатамі раённага Савета дэпутатаў і грамадскімі арганізацыямі яна садзейнічае ўмацаванню матэрыяльнай базы ўстановы. Звяртаючыся да выхаванцаў і іх бацькоў, Людміла Мікалаеўна зазначыла, што акцыя «Нашы дзеці» праводзіцца ў краіне ўжо на працягу больш чым 20 гадоў. Гэта яшчэ раз гаворыць аб клопаце пра падрастаючае пакаленне, сем’і. А дарослыя павінны падарыць усім дзецям краіны радасць, цеплыню сваіх сэрцаў, стварыць казку і цуд.

Усе сябры цэнтра, канечне, не забыліся пра падарункі да навагодніх свят. Дзякуючы іх фінансавай падтрымцы тут заменяць уваходныя дзверы, некалькі вокнаў, набудуць мэблю ў раздзявалкі і гульнявыя пакоі, мадэрнізуюць асвятленне ў спартыўнай зале… Таксама дзеці атрымалі салодкія пачастункі.

Са словамі прызнання і ўдзячнасці да прысутных звярнулася дырэктар установы Анжаліка Шапяленка. А выхаванцы падрыхтавалі шаноўным гасцям творчыя падарункі – вершы, песенькі, танцы, якія ім было вельмі не проста вывучыць. Усе разам з Дзедам Марозам і Снягурачкай вадзілі карагоды ля ёлкі.

— Кожны мае права на сваё свята, — заўважыў першы намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валерый Калінковіч. – Наша структура стараецца дапамагаць дзецям, дарыць ім радасць. Хлопчыкаў і дзяўчынак з праблемамі здароўя хочацца атуліць асаблівым клопатам.

Дарэчы, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі супрацоўнічае з Вярхоўным Судом 15 гадоў. Мацнее дружба і з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

— У нас нямала студэнтаў, якія займаюцца валанцёрствам і прыязджаюць у цэнтр, каб упрыгожыць жыццё выхаванцаў. У хуткім часе мы зноў сюды завітаем! Да сустрэчы ўжо рыхтуюцца педагогі і моладзь. Гэта аднолькава важна для выхаванцаў цэнтра і нашых юнакоў і дзяўчат, якія вучацца быць неабыякавымі, — зазначыў рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Генадзій Пальчык.

У цэнтры ўвагі былі і бацькі юных удзельнікаў навагодняга свята. Напэўна, самае галоўнае ў іх адрас пажаданне надзеі, без якой немагчыма жыць.

Источник: Маладзечанская газета 28.12.2018