"Аб рабоце з сем'ямі, дзе растуць асаблівыя дзеці", Маладзечанская газета 03.12.2018

Прадстаўнікі цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі пабывалі на асветніцкім семінары ў Польшчы з удзелам спецыялістаў, якія працуюць у аналагічных установах. Маладзечанцы ўзялі на заметку замежны вопыт, але вырашылі прытрымлівацца свайго шляху.
 


— Польскія калегі найперш сканцэнтраваныя на медыцынскай дапамозе, індывідуальнай рабоце з канкрэтнай сям’ёй. Паслугі гэтыя пераважна платныя, — заўважае настаўнік-дэфектолаг Святлана Юрчанка, якая ўдзельнічала ў асветніцкім семінары. – Мы прытрымліваемся комплекснага падыходу ў лячэнні, рэабілітацыі, падтрыманні здароўя выхаванцаў, у чым нам вельмі дапамагае дзіцячая паліклініка.
Таксама аказваем псіхалагічную падтрымку бацькам, яднаем сем’і, для якіх праводзім шмат розных мерапрыемстваў. Заўсёды запатрабаваныя «бацькоўскія гасцёўні», «круглыя сталы». Калі сказаць вобразна, імкнёмся спалучаць педагогіку і медыцыну.    

Менавіта наш цэнтр у свой час быў адзіным такога профілю ў Мінскай вобласці. Ён не страчвае пазіцыі да гэтага часу. Чарговым штуршком да развіцця стала адкрыццё на яго базе рэсурснага цэнтра па аказанні ранняй комплекснай дапамогі дзецям ад нараджэння да трох гадоў. Да высокапрафесійных спецыялістаў, якія працуюць у гэтым кірунку, могуць звярнуцца сем’і з усяго сталічнага рэгіёна. Не адмаўляюць у дапамозе нават тым, хто прыязджае з іншых абласцей, напрыклад, Смаргонскага і Астравецкага раёнаў Гродзеншчыны.

— Як вядома, выхаванцы нашага цэнтра маюць цяжкія захворванні. Па гэтай прычыне мамы і таты нярэдка не ведаюць, што рабіць са сваімі дзецьмі, у што гуляць з імі. Асабліва бацькоў непакоіць, як развіваць сыноў і дачок і ўвогуле ці магчыма гэта, — уключаецца ў размову намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Таццяна Мышук. – Таму нашы педагогі далучаюць да выхаваўчага працэсу мам і тат, якім тлумачаць і паказваюць, што нават у самай складанай сітуацыі дзіця можна развіваць. Толькі ў кожнага свае магчымасці. Безумоўна, у такіх дзетак трэба ўкладваць вельмі шмат фізічных і духоўных сіл. Іншы раз нават самыя простыя рухі ці словы – вялікая перамога над самім сабой.

Таццяна Міхайлаўна таксама заўважыла, што спецыялістам цэнтра даводзіцца працаваць пераважна з маладымі сем’ямі, для якіх нараджэнне асаблівых дзетак стала абсалютна нечаканым, нягледзячы на сучасную перынатальную медыцыну. Адзначыла яна і тое, што яшчэ гадоў восем таму, як правіла, у такіх сітуацыях мамы заставаліся з праблемамі сам-насам. Цяпер практычна ўсе сем’і поўныя.
У цэнтры – 140 выхаванцаў да 18 гадоў. У асноўным гэта дзеці з аўтызмам, парушэннямі зроку, слыху, маўлення, захворваннямі апорна-рухальнага апарату, генетычнымі збоямі. Спецыялісты ўстановы вельмі рады, калі хлопчыкаў і дзяўчынак удаецца сацыялізаваць і яны могуць наведваць інтэграваныя групы альбо класы ў звычайных дашкольных установах і школах.

Асаблівую ўвагу ў цэнтры надаюць інклюзіі. Яе ўкараненню дапамагаюць валанцёры. Гэта звычайныя школьнікі і навучэнцы, сэрцы якіх баляць за больш слабых. Частыя госці, ці, сказаць больш правільна, надзейныя сябры — вучні СШ №5 і №8, гімназіі-каледжа мастацтваў, Маладзечанскага дзяржаўнага і гандлёва-эканамічнага каледжаў, Красненскай СШ. Яны прыходзяць найперш для таго, каб падарыць дзецям станоўчыя эмоцыі, якія надзвычай важныя для іх. Разам чытаюць кнігі, гуляюць, размаўляюць. Таксама выхаванцам цэнтра вельмі падабаецца глядзець міні-спектаклі, тэатралізаваныя пастаноўкі, апладзіраваць юным артыстам, нават калі іншым разам зрабіць гэта не так проста. Але менавіта ў час сустрэч з мастацтвам і сябрамі яны хаця б на імгненне забываюць пра свае хваробы.

Источник: Маладзечанская газета  03.12.2018